Читать онлайн полностью бесплатно Яўген Аснарэўскі - Захад Беларусi: гiстарычны пазл

Захад Беларусi: гiстарычны пазл

У кнігу ўвайшлі гістарычныя нататкі, прысвечаныя заходнім абласцям Беларусі. Лёгкай мовай аўтар расказвае пра яркія падзеі, якія адбываліся на Гродзеншчыне і Брэстчыне.

© Яўген Аснарэўскі, 2023


ISBN 978-5-0059-9119-5

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Prologo

Чытач ужо меў магчымасць заўважыць назву гэтага ўступа: Prologo. Гэта не што іншае, як «пралог» на мове эсперанта. Дадзены выбар не выпадковы, бо стваральнік эсперанта – Людвіг Заменгоф, як вядома, быў ураджэнцам Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, працаваў таксама і ў самім Гродне, а значыць, яго вынаходства – частка таго гістарычнага пазла, які чытачы змогуць акуратна збіраць, гартаючы старонкі дадзенай кнігі. У часы Заменгофа Захад цяперашняй Беларусі знаходзіўся ў складзе адной адміністрацыйнай адзінкі з цэнтрам у старажытным Гродне. Менавіта пра беларускі Захад і пойдзе гаворка ў ніжэй прадстаўленых раздзелах кнігі.

Выданне не з'яўляецца турыстычным даведнікам, і аўтар не ставіў сабе задачу расказаць пра ўсе вёскі ці нават буйныя гарады на беларускім Захадзе. Аднак мы паспрабуем разгледзець бліжэй гісторыю гэтага краю, знайшоўшы адрозненні і падабенства ў асобных кутках Гродзешчыны і Брэстчыны, і перш за ўсё звернем увагу на найбуйнейшыя гарады рэгіёну.

Брэст і Гродна… Стагоддзямі тут адбываліся лёсавызначальныя для цэлых народаў падзеі! Гродна, разам з Навагрудкам і іншымі гарадамі Панямоння, знаходзіўся ў эпіцэнтры дзяржаўна-утваральных працэсаў Вялікага княства Літоўскага. Тут была заключана адна з сямі гістарычных уній ВКЛ і Польшчы: Гродзенская унія 1432 года, а яшчэ раней вялася праца над Віленска-Радамскай уніяй 1401 года. У Гродне праходзілі сеймы ВКЛ, сеймы Рэчы Паспалітай, у тым ліку і апошні сейм аб'яднанай дзяржавы. У гэтым горадзе адрокся ад стальца апошні вялікі князь літоўскі і кароль польскі.

У Брэсце таксама праходзілі сеймы ВКЛ і вырашаліся найважнейшыя для народаў Кароны і Княства пытанні. У Брэсце была заключана знакамітая царкоўная унія 1596 года, а праз некалькі соцень год тут заключылі Брэсцкі мір паміж расійскімі бальшавікамі і так званымі Цэнтральнымі дзяржавамі.

У гэта выданне ўвайшлі невялікія па памеры нататкі, у рамках якіх прадстаўлены даволі значны аб'ём цытат з гістарычных дакументаў, што можа быць цікава не толькі людзям без гістарычнай адукацыі, але і калегу гісторыку. Пераклад, у тым ліку і вершаваны, выкананы аўтарам.

У кнізе паказаны падзеі самых розных гадоў… Сівое і малавядомае XIII стагоддзе. Больш даследаванае XVI. Галантнае XVIII. Прыцемненае жахам сусветных войнаў XX. Але, як нярэдка бывае, з агульнай карціны выпадае XXI стагоддзе… І таму аўтар паспрабуе выправіць гэта, дадаўшы ў дадзены пралог асабістую гісторыю!

Прыкладна за 10 год да выдання гэтай кнігі я гуляў па Гродне з маладой дзяўчынай, якая нарадзілася ў Пінску, але жыла і працавала, маючы, дарэчы, творчую спецыяльнасць, менавіта ў Гродне. Гэткая рэальная сувязь Брэстчыны і Гродзеншчыны ў выглядзе жывой, цемнавокай палешучкі, поўнай любові да архітэктуры каралеўскага горада. Я вырашыў здзівіць госцю і адвёў яе на маленькую вуліцу Малую Траецкую, куды рэдка забрыдаюць турысты, хоць выглядае вулачка вельмі каларытна і крыху нагадвае, на мой погляд, стары Талін. Дзяўчына была задаволеная і жыва спытала:

– А чаму тут Малая Траецкая, а там Вялікая?

Добрае пытанне, на якое не так проста адказаць краязнаўцу.

– Таму што там вялікая вуліца, а тут маленькая, – упэўненым тонам адказаў я, хутчэй не як краязнаўца, а проста як персона, здольная лагічна разважаць.

Дзяўчына шматзначна хмыкнула, і мы пайшлі далей.


Вуліца Малая Траецкая. Фота аўтара.


Вось такая невялікая інтэрлюдыя, якая таксама з'яўляецца часткай бясконцай, стракатай стужкі, пад назвай «Летапіс Гродна», што ўбірае ўсе падзеі, як значныя, так і не надта.

Аўтар, як можна зразумець з вышэйпададзенага, не прэтэндуе на ўсёабдымнае асвятленне шматграннай гісторыі Захаду Беларусі. Раздзелы кнігі – толькі асобныя кавалачкі гістарычнага пазла, бліскучыя і разрозненыя дэталі, быццам мазаіка са знішчанага сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве, калісьці створаная па эскізах выбітнага жывапісца Васняцова. Рэшткі гэтай мазаікі падзелены паміж Свята-Пакроўскім храмам Баранавічаў і знакамітай гродзенскай Каложай, як бы дзеля фарміравання яшчэ адной з незлічоных сувязей, паміж заходнімі абласцямі Беларусі.

Так, кніга дэманструе чытачу толькі часцінкі цэлага, але, як здаецца аўтару, гэта досыць яркія фрагменты, здольныя даць некаторае ўяўленне і аб усёй, па-за ўсякім сумневам, дзіўнай і маштабнай карціне.

Кластар 1. Гродна і (або) Брэст

Фрагмент 1. Барацьба за статус альтэрнатыўнай сталіцы ВКЛ

Брэст і Гродна – дзве сталіцы заходніх абласцей Беларусі. Але ў свой час яны былі яшчэ і найважнейшымі гарадамі ВКЛ, як бы канкуруючымі ў барацьбе за статус альтэрнатыўнай (другой ці трэцяй) сталіцы Княства.

У XIII стагоддзі Гродна, у адрозненне ад Брэста, знаходзіўся ў эпіцэнтры фармавання Вялікага княства Літоўскага і паказаны ў крыніцах адной з галоўных арэн супрацьстаяння літоўскіх уладцаў і галіцка-валынскіх князёў. Можна ўпэўнена казаць пра тое, што Гродна ўвайшоў у склад ВКЛ раней за Брэст. Вылучыць нейкую базу для супастаўлення палітычных статусаў гэтых двух найважнейшых населеных пунктаў дзяржавы, можна, мабыць, ужо пры князе Вітаўце, які валодаў абодвума гарадамі. У даследчыкаў ёсць падставы асцярожна сцвярджаць, што пры Вітаўце і яго фармальным сюзерэне Уладзіславе Ягайла, горад над Нёманам часцей за яго «канкурэнта» над Бугам служыў валадарам для вырашэння важных палітычных пытанняў, напрыклад, у Гродне Вітаўт заключаў мір з крыжакамі і сустракаў чэшскіх паслоў. Аднак і ў Брэсце вырашаліся найважнейшыя для ВКЛ пытанні, у прыватнасці, як піша Ян Другаш, менавіта там адбыўся спецыяльны сход, з удзелам Вітаўта і Ягайлы:



Другие книги автора Яўген Аснарэўскі
Ваши рекомендации