Читать онлайн полностью бесплатно Цітыюс Юльян - Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі

Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі

Віленскія ўспаміны XIX ст. доктара Юльяна Цітыюса з дадаткам Уладзіслава Талочкі. Перакладчык і складальнік кнігі Леанід Лаўрэш

Переводчик Леанід Лаўрэш


© Цітыюс Юльян, 2024

© Леанід Лаўрэш, перевод, 2024


ISBN 978-5-0064-8096-4

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Пра доктара Юльяна Цітыюса

Доктар Юльян Цітыюс (1819—1898), сын віленскага рэстаратара Аўгуста Цітыюса (? —1839), быў у Вільні вельмі вядомай асобай. Працаваў ён у віленскіх шпіталях Савічы і св. Якуба, быў членам Віленскага дабрачыннага і Віленскага медыцынскага таварыстваў. З'яўляўся вядомым калекцыянерам. Пасля заканчэння Віленскай медыцынскай акадэміі Цітыюс вучыўся ў самых вядомых прафесараў у Празе, Лондане і Вене. Пасля вяртання ў Вільню ён ужываў самыя перадавыя метады лячэння, заслужыў давер, любоў і ўдзячнасць пацыентаў. Юльян Цітыюс лячыў не толькі заможных, але і бедных пацыентаў і не проста бясплатна, але нават часта сам матэрыяльна падтрымліваў іх.



Ніжэй падаецца пераклад успамінаў доктара Цітыюса, якія друкаваліся ў 1922 г. у віленскім «Пшэглёндзе Віленскім» і каментары Уладзіслава Талочкі (1887— 1942) да часткі ўспамінаў віленскага доктара, якія надрукаваны ў тым жа выданні.

Перакладчык і складальнік кнігі Леанід Лаўрэш

З успамінаў д-ра Юльяна Цітыюса1

Ад рэдакцыі «Пшэглёнда Віленскага»:

Пра ўспаміны д-ра Юльяна Цітыюса (1820—1898) напісаў др. Юзаф Бялінскі ў №10 «Тыгодніка Віленскага» за 1911 г. Успаміны Цітыюса – фаліянт у 42 аркушы ў скураной вокладцы, напісаны добрым почыркам, захоўваецца ў бібліятэцы імя Урублеўскіх. Успаміны ахопліваюць значную частку XIX ст., змяшчаюць цікавыя матэрыялы пра незвычайна разгалінаваныя стасункі папулярнага ў Вільні лекара і маюць не толькі аўтабіяграфічную, але і гістарычную каштоўнасць. Не чакаючы поўнага выдання гэтых мемуараў, пачынаем друкаваць цікавыя фрагменты ў храналагічным парадку, так, як іх запісваў сам аўтар.


Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша


1.


1838 г. памятны тым, што вясной памёр слаўны доктар і прафесар Віленскай акадэміі Андрэй Снядэцкі2, брат астранома Яна Снядэцкага3, які шэсць гадоў быў рэктарам універсітэта і памёр, здаецца, у 1830 г.

Імяніны Андрэя студэнты апошні раз святкавалі ў 1837 г. у мурах клінікі, дзе ён выкладаў практычную медыцыну. Зала была аздоблена пальмамі і кветкамі, і сярод іх стаяў бюст шаноўнага віноўніка свята. Выступалі на лаціне, але апошняя прамова студэнта старэйшага курса Адама Пянкевіча была імправізацыяй, якая пачыналася наступнай страфой:


Штодзень даўні ўклад знікае,

Штодзень да новага заве,

Ды сістэма Каперніка трывае,

Ды тэорыя Снядэцкага жыве.4


Прычынай яго смерці была язва на карку. Ганаровае пахаванне ў касцёле св. Яна. Знакаміты прамоўца кафедры, ксёндз Людвік Трункоўскі, сказаў прамову, а труну вучні неслі ажно да Вострабрамскай рагаткі, дзе яе паклалі на воз і павезлі ў маёнтак Болтупі ў Ашмянскім павеце5. У памяць пра Снядэцкага, злева ад паштовага тракту, студэнты насыпалі курган. Было мала рук і часу, таму гэты курган не стаў сапраўдным помнікам пасярод суседніх пагоркаў.

Калі імправізаваная праца падыходзіла да канца, пайшоў вясенні дождж і ўдарылі маланкі. Тлум асоб рознага ўзросту, полу і стану хутка вярнуўся ў горад.

Анекдот па тэме.

Была тады ў Вільні пры Акадэміі тыповая і папулярная ў горадзе рэстарацыя панны Ганны Хольснер. У зале шмат гасцей. Уваходзіць тоўсты пан, бландзін з вусамі і ў віц-мундзіравым фраку і падае ў крэсла, выціраючы пот з румянага твару. Вітае знаёмых і кажа: «Але і змучыўся! Спачатку сагрэўся, а потым дождж мяне заліў. Ажно за горад праводзіў калегу».

На гэта адзін з сучаснікаў, хуткі і праўдзівы, не апошні ў Вільні чалавек (Шкультэцкі) адказаў: «Ты – асёл, калі называеш Снядэцкага сваім калегам. Не кажы так, бо ўсе будуць смяяцца». «Брава, Шкултэцкі!», – закрычалі ўсе тыя, хто вяртаўся з пахавання.

Нефартунны ягамосць аднак усё ж у нейкім сэнсе быў калегам, бо выкладаў студэнтам акадэміі курс… коннай язды, г. зн. быў прафесійным бярэйтарам. Ён заўсёды насіў прафесарскі віц-мундзір, прозвішча яго было Хебах, і паходзіў ён з Кракава.


1844. У траўні, падчас прыезду ўдзельнікаў на так званыя кантракты, інтэлігентныя аматары давалі дабрачыннае тэатральнае прадстаўленне ў Вялікім тэатры які знаходзіўся на Віленскай вуліцы. Тады гралі камедыю графа Ал. Фрэдры6 «Помста». Прыпамінаюцца былыя ўніверсітэцкія часы. Каля 1820 г. аўтар – арыстакрат адмыслова напісаў свой твор у 5 ці 6 актах. У горадзе распаўсюдзіліся лісты з не зусім прыстойным вершыкам:

Перад святасцю намеру хай укленчыць кожны,
Для любові бліжняга і… паплакаць можна.7

З часам існаванне тэатра пачало камусьці муляць. Было вырашана ўжываць рускую мову разам з польскай і з даходаў горада заплаціць на гэта 3000 руб. Але цывільны губернатар пажадаў купіць гэты тэатр і патрабаваў не малых рэпарацый у памеры 12 ці 14 тысяч рублёў за гмах і плошчу перад ім. Гаспадыня (Кажынская)8 не пагадзілася, і яе зяць хутка перарабіў верхні паверх тэатра ў кватэры, а ніжні ў аптэку (Мікутовіча) і крамы.

Паўвека гэта быў дом муз. Пабудаваны Мараўскім у 1796 г. і прададзены яго ўдавой знакамітаму акцёру і антрэпрэнёру Мацею Кажынскаму, які са сваёй віленскай операй ездзіў у Пецярбург і Маскву. Першы публічны тэатр у Вільні адчыніў слаўны Войцех Багуслаўскі ў 1785 г. у палацы Аскеркі, які потым быў перароблены Мікалаем Абрамовічам і набыты для віленскіх губернатараў.



Ваши рекомендации