Трэцяя кніга Дзяніса Трусава – паэта і музыкі, які нарадзіўся ў 1978 ў Наваградку, жыў у Горадні і Варшаве, Язева, Штабіне, а з 2016 года жыве ў Ханоі – гэта інтуітыўны суплёт вершаў, песень, і лірычных мініяцюр і навел на англійскай, беларускай, в’етнамскай, польскай і рускай і мовах.
Прысвячаю бацькам
У Ампетыяніі вельмі папулярнае апошнім часам дзіўнае захапленне.
Называюць яго slow-mob.
Людзі дамаўляюцца пра сустрэчу ў інтэрнэце, потым развітваюцца з сем'ямі, бяруць цёплыя рэчы, гэблі і зборнікі бардаўскай песні ды сыходзяць у лясы. І разам будуюць там горад і жывуць у ім – пакаленне за пакаленнем, жывуць роўна тысячу гадоў.
А потым раптам разыходзяцца, як нічога ніякага.
Тэксты, якія вы сустрэнеце ў гэтай кнізе, – водгулле падзей і станаў, якія мелі месца падчас аднаго з такіх “слоў-мобаў”.
Бяспамятка
Калі доўга-доўга-доўга…
Калі доўга-доўга-доўга крочыць па лясной дарожцы ад Альхоўкі на поўнач…
Калі доўга-доўга-доўга крочыць па лясной дарожцы ад Альхоўкі на поўнач і пры гэтым не скакаць, не ехаць, не бегчы, але змыкаць адзінец і паказнік правай рукі на жоўтай галоўцы дзьмухаўца і павольна размінаць гэтую вільготную жоўтую мазгаўню – двойчы направа і тройчы налева, і пры гэтым накульгваць на левую нагу, і чатыры разы кланяцца кожнаму сустрэтаму на дарозе ядлоўцаваму хмызу, і тройчы круціцца вакол сябе, шторазу, як пачуеш зязюлю, і не вітацца з пахілым мёртвым Тэслам, што сядзіць на мурашніку, і скрыжоўваць пальцы, праходзячы паўз вялізны дуб, у галінах якога спіць, скруціўшыся абаранкам, счарнелы, але вечна жывы Ленін, і падміргваць таксама вечна жывому, але прасвятлеламу Дэйвіду Боўі, і не адскокваць ад паўпразрыстага чорна-белага паравоза, але даць яму прамчацца скрозь цябе, выхопліваючы і выносячы з сабой усё фантомныя, несапраўдныя атамы, і на скрыжаваннях збочваць туды, куды падзьме ветрык, і хавацца ад першага дажджу, але не хавацца ад другога і трэцяга, і пяяць па дарозе ўсе песні свету, і цягнуць кожную з іх да канца, пакуль яна не ператворыцца ў попел на вуснах.
І вось калі няўхільна крочыць, і змыкаць, і размінаць, і накульгваць, калі кланяцца і круціцца, скрыжоўваць, не вітацца, падмірваць і не адскокваць, збочваць і спачатку хавацца, а потым ужо не хавацца, і пяяць, і цягнуць да канца, і ні разу пры гэтым не памыліцца, то ў выніку ты вернешся ў самы-найсамы назад.
І вырасце поўсць, і праточацца пахі, якіх ты ніколі не ведаў, і спыніцца калыханне лічбаў і зумканне эпітэтаў. І ўся жывёла, кветкі і сузор'і страцяць найменні, а ты – сваё імя, але гэта будзе прыўкрасна і зусім не страшна.
Нос па ветры, палка-капалка ў дужым кулаку, падобнае ў падобным.
Ты знойдзеш на ўзлеску гняздо курапатвы і павячэраеш цёплымі яйкамі, і закусіш горсткай ажыны. І заснеш пад хмызам у імху, а ў далёкай-далёкай-далёкай-далёкай Альхоўцы цябе ўжо ніколі не дачакаюцца.
Сова
В лесу живёт двуглавая сова. Пушистый полуночный космос крыл.
Я тёмную поцеловал сосну. И как домой идти я позабыл.
В лесу живёт двуглавая сова. Но мы с тобой живём в полуквартире.
У нас за дверью не бывает зла, у нас за дверью дважды два всегда четыре.
В лесу живёт двуглавая сова, живёт как человек, как леший бродит.
И терпеливо неплетомое плетёт.
Мы не рабы, рабы не мы.
Хищник на воле.
Qvarta vigilia
Я намагаўся падаўжаць памяць – ад дожджычку ў чацвер і па сей калядны дзень, па начах уставаў, таптаўся вакол стала, а на стале скакалі чарцяшкі, зусім яшчэ нераспазнаныя, але ўжо пагрозлівыя і небяспечныя.
Часам мне чуліся серэнады, усё як мае быць, са словамі і музыкай, такія гучныя, ажно каб суняць гэтую музыку, я біўся галавой аб батарэю, пазбаўляючыся ад д'ябальскіх спеваў да апошняе ноткі.
Я спрабаваў не выходзіць з дому, калі ўначы яны гукалі мяне пад акном, я трымаўся як мог – пазногцямі, тэлефонамі, вершыкамі і ўсмешкамі, але ўсё саслізгвала і ляцела надвор, дзе яны ўжо чакалі, такія сумныя, недасягальна сумныя – тры сястрыцы, тры дзявіцы, тры парадкі. І першая сястрыца была чорнатварая, і калі яна глядзела, то бачыла навылёт. А другая сястрыца была бязрукая, але калі яна хапала за горла, нельга было ані выцерабіцца, ані ўцячы. А трэцяя сястрыца спазнавала чалавека, спазнавала да самае глыбіні, і пасля гэтага ўжо чалавек не жыў доўга.
І я стаяў перад імі ў снежным сумёце, спадзеючыся, што ты прыйдзеш і ўстанеш паміж імі, сястра мая нявеста. Але ты ніколі не прыходзіла.
Кундаліні самотнага лыжніка
Георгію Іванаву
Ён памятае яшчэ ржавае лета і пясок на зубах, і цёплую гарэлку, і гуркі, і тое, як яна звівалася пад ім і пахла арэхамі… І камары, і камета…
Цяпер – снег, ноч, і лесу зусім не пазнаць. Зноўку гэтая ліхаманка, ён так хоча яе, і гэта падаецца яму дзіўным, таму што ён ужо не бачыць, як даўней, а яе можна ўбачыць толькі так, як ён бачыў тады.
Паскараючы бег, ён думае, што яны і так былі непатрэбнымі, абыякавымі медыумамі лета. Гэтая думка амаль супакойвае яго. Ненадоўга.
Парыпвае снег пад лыжамі, чарнеюць хваіны, чырванее страх у ягонай галаве. Разгойдваецца белы трохкутнік аблічча. Усё ясна. Нічога не ясна. У гурбах яму мрояцца рысы ейнага аблічча, абрысы цела – ён хапае снег прыгаршчамі і есць, і смяецца ад роспачы і бяссілля. Снег – пякучая жаданая гарачая магма – знянацку растае ў горле. Міма, зноў міма. Ён сплёўвае і адкашліваецца, стоячы на карачках, а хваіны ўзносяць заклёны: “Спі, спі, неспакойны, кладзіся, тут мякка, тут добра – кладзіся, с-с-с-спі!”