Читать онлайн полностью бесплатно Леанід Лаўрэш - Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць

Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць

У кнізе расказваецца пра маёнтак Лябёдка, што на гістарычнай Лідчыне (сёння Шчучынскі р-н) і яго ўладальнікаў – Іваноўскіх.

© Леанід Лаўрэш, 2024


ISBN 978-5-0064-6265-6

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Лябёдка Іваноўскіх

Дакументальная аповесць

Ад аўтара

Гэтая аповесць пра маёнтак Лябёдка Іваноўскіх, месца, дзе ў адной сям’і выраслі і сфармаваліся выбітныя дзеячы трох суседніх народаў: беларускага, польскага і летувіскага. Беларуса Вацлава Іваноўскага, які быў цэнтральнай фігурай у справе адраджэння нашай радзімы, выгадавала Лідская зямля і яго родная Лябёдка.

Пра Вацлава Іваноўскага грунтоўна напісаў Юры Туронак. Пра братоў Вацлава – Ежы і Тадаса – шмат пісалі польскія і летувіскія аўтары. Галоўнай асобай маёй аповесці будзе сястра Вацлава – Алена Скіндар з Іваноўскіх (1886—1973), сястра чатырох братоў, асоба, якая пакінула свой вялікі след у беларускай гісторыі, але знаходзілася ў цені сваіх братоў1.

Прафесар Гданьскага ўніверсітэта Казімір Іваноўскі2 пісаў пра сваю сям’ю: «Сям’я наша была цікавай. Мой бацька Станіслаў меў трох братоў розных нацыянальнасцей. Самы старшы Ежы, інжынер, шмат разоў займаў міністэрскія пасады, быў сенатарам ІІ-й Рэчы Паспалітай і лічыў сябе палякам. Другі – Вацлаў, хімік, прафесар Варшаўскай Палітэхнікі, быў беларусам. Трэці – Тадэвуш, заолаг, прафесар Ковенскага ўніверсітэта, быў летувісам. Такія сямейныя падзелы не былі рэдкасцю на тэрыторыі былога ВКЛ, і асаблівай адзнакай сям’і Іваноўскіх было не гэта, а тое, што мой дзядзька Тадэвуш меў у сваяках прыёмнага радавітага кітайца, – такога больш ні ў каго не было.

Усе браты былі яркімі постацямі, і пра кожнага з іх можна напісаць кнігу3.

Мае дзядзькі мелі адно хобі – часта мянялі жонак. Кожны з іх быў жанаты па тры разы, і таму мы мелі шмат цётак4. У 1920-х гг. мая маці падчас нейкага раўту ў Вільні была прадстаўлена Пілсудскаму. Той запытаў – якога з Іваноўскіх яна жонка?

– Таго, які мае толькі адну жанчыну, – адказала мая маці.

– А, значыць, Станіслава, – заўважыў маршал, які добра арыентаваўся ў справах Іваноўскіх».

Пра свайго старшага дзядзьку Ежы (ці Юрыя) Іваноўскага (1876—1965) пляменнік Казімір коратка паведамляў галоўнае: шматразовы міністр адноўленай Польшчы, асабісты сябар Пілсудскага і ў 1930-я гг. сенатар Польшчы.

Вацлаў Іваноўскі (1880—1943), прафесар-хімік і адзін з заснавальнікаў Беларускага руху, – чалавек, які свае мары пра Беларусь перавёў на практычныя рэйкі і аддаў Беларусі сваё жыццё. Пра яго напісаны кнігі, і я ўпэўнены, што да гэтай постаці яшчэ шмат разоў будуць звяртацца нашыя лепшыя гісторыкі і пісьменнікі.

Тадэвуш Іваноўскі (1882—1970) – прафесар заалогіі і потым член-карэспандэнт Літоўскай акадэміі. Большую частку жыцця ён быў вядомы як Тадас Іванаўскас, бо сам сабе выбраў нацыянальнасць летувіс.

Апошні, самы малодшы брат, Станіслаў (1887—1970) прымаў удзел у польскай «Самаахове» Лідчыны і Гарадзеншчыны, а потым быў шараговым і далёка не самым лепшым віленскім адвакатам. Пра яго я таксама трошкі раскажу…


Аўтар выказвае самую шчырую падзяку слыннаму беларускаму гісторыку Генадзю Семянчуку і Анджэю Іваноўскаму (праўнуку Вацлава Іваноўскага), якія шмат зрабілі ў справе вывучэння генеалогіі роду Іваноўскіх і дапамаглі аўтару пры напісанні гэтай аповесці.

Лябёдка і Іваноўскія

Род Іваноўскіх

Навукова абгрунтаваны радавод Іваноўскіх з ласкавай згоды яго стваральнікаў Анджэя Іваноўскага і Генадзя Семянчука я падаю ў дадатках да гэтай кнігі.


З афіцыйнага дакумента №3896 ад 9 сакавіка 1848 г., выдадзенага Канцылярыяй Бюро шляхецкай дэпутацыі Віленскай губерні, бачна, што Кшыштаф Іваноўскі валодаў дваром Забалаць у Лідскім павеце і ў 1720 г. перадаў яго сыну Міхалу. Міхал у 1750 г. гэты двор з усёй маёмасцю падараваў свайму сыну Дамініку Іваноўскаму, які ў 1776 г. на падставе дароўнага акта перадаў двор з прыгоннымі сялянамі сваім двум сынам Юзафу Вінцэнту Ферар’ю Іваноўскаму і Людвіку Іваноўскаму, якія ў 1790 г. прадалі двор князю Радзівілу. Сынам Юзафа Вінцэнта Ферарыя Іваноўскага быў Тамаш Іваноўскі, прадзед нашых Вацлава і Алены Іваноўскіх. У Слонімскім павеце ён купіў двор Яварова Руда. Хадзілі чуткі, што зрабіў гэта таму, што там быў закапаны скарб, пра які больш ніхто не ведаў.

Сын Тамаша Іваноўскага Станіслаў (1818—1900), дзед Вацлава і Алены, ажаніўся з Антанінай Рыла-Быкоўскай, якая была адзінай дачкой свайго бацькі і таму ўспадкавала пасля яго двор Лябёдка. Шлюб адбыўся 2 ліпеня 1844 г. у касцёле Старых Васілішак. У Лябёдцы нарадзіўся Леанард Іваноўскі, а потым усе дзеці Леанарда.

Тадас Іванаўскас цытуе дакументы, з якіх бачна, што «прывілеям караля польскага Жыгімонта І ад 7 лістапада 1510 г. фальварак Дварэц нададзены Яго Каралеўскай Мосцю двараніну Івашку Рыла-Быкоўскаму і яго нашчадкам», і пасля гэтага ён чатыры стагоддзі заставаўся маёмасцю фаміліі, пераходзіў ад бацькі да сына, і апошнім у чарадзе ўладальнікаў стаў Юрый Андрэевіч Быкоўскі. Апошні меў адну дачку Антаніну ў замужстве з Станіславам Іваноўскім і пакінуў ёй сваю маёмасць. Пасля смерці Антаніны маёнтак перайшоў у рукі яе адзінага сына, інжынера Леанарда Іваноўскага.

У прывілеі караля Жыгімонта І гэта маёмасць называецца Дварэц з вёскай Пацкі. У дакуменце ад 12 ліпеня 1568 г. маёнтак ужо мае назву Лябёдка, нагодай змены назвы быў перанос двара на тое месца, дзе ён стаіць і цяпер – у вусце рэчкі Лябёдка. Сяляне вёскі Пацкі перасяліліся ў Ваейкаўцы і Верх-Лябёдку. Там, дзе быў двор Дварэц і вёска Пацкі, у XІX ст. заставалася толькі ўрочышча з гэткімі назвамі, якое належала фальварку Лябёдка. Прозвішчы сялян усе гэтыя гады засталіся нязменнымі.



Ваши рекомендации